понеділок, 15 березня 2021 р.

Ермакоў Я. С. Падставовыя і змястоўныя характарыстыкі «суб'екта гісторыі»

Ермакоў Я. С. Падставовыя і змястоўныя характарыстыкі «суб'екта гісторыі» // Многомерность  и  полифункциональность  культуры  :  сборник   научных статей / редкол. : В. Н. Калмыков (гл. ред.) [и др.] ; Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. – Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2020. – С. 14–20.
 
Артыкул прысвечаны разгляду аснаванняў і змястоўных характарыстык «суб'екта гісторыі». На падставе канцэптаў «гістарычная прастора» і «гістарычны час» у якасці важнейшай падставовай характарыстыкі вызначаецца «гістарычная памяць», якая праз рэфлексію абяспечвае пераўтварэнне індывіда да суб'екта гісторыі. Для тлумачэння месца суб'екта гісторыі ў сацыяльнай дынаміцы і спецыфіцы адносінаў з «масай» і «элітай» аўтарам выкарыстоўваюцца канцэптуальныя ўяўленні А. Тойнбі аб механізме фарміравання адказу цывілізацыі на выклік, які ідзе ад асяроддзя.
 
Паняцце «суб'ект гісторыі» на сучасным этапе развіцця як сацыяльна- гуманітарных дысцыплін, так і філасофіі звязана з пераасэнсаваннем ролі чалавека ў гістарычным працэсе. У першую чаргу гэта абумоўлена развіццём постнекласічнай парадыгмы і фарміраваннем адпаведнай навуковай карціны свету. Як адзначыў У. С. Сцёпін, «станаўленне постнекласічнай рацыянальнасці патрабуе новага паглыблення рэфлексіі ... У полі гэтай рэфлексіі ўключаецца праблематыка сацыякультурнай дэтэрмінацыі навуковай дзейнасці. Яна разглядаецца як пагружаная ў сацыякультурны кантэкст, вызначаная дамінуючымі ў культуры каштоўнасцямі» (курсіў і пераклад наш – Я. Е.) [1, с. 293].
 
Такім чынам, пэўны ўзровень сацыякультурнай дэтэрмінацыі абумоўленасці пазнання свету суб'ектам, як і асобных яго частак, не толькі не абмінае наяўнасць праблемы вызначэння ролі чалавека ў гістарычным працэсе, але і ўздымае гэтую праблему на новы ўзровень. Сёння чалавек не толькі з'яўляецца назіральнікам свету, які фарміруе пэўныя яго вобразы, але праз гэта змяняе і форму быцця свету, рэалізуючы тым самым свой патэнцыял. «У складаным спляценні гістарычных падзей, – як адзначае У. М. Калмыкоў, – узрастае роля сацыяльнага суб'екта, здольнага да ацэнкі і праектавання грамадскіх працэсаў, да ўмення абраць мэтазгодную пазіцыю і рэалізаваць яе на практыцы» (пераклад наш – Я. Е.) [2, с. 112]. Асабліва гэта тычыцца як дынамічнага развіцця агульначалавечай цывілізацыі і яе культуры, так і гармоніі паміж асобнымі цывілізацыямі ў цэлым. Таму ў гэтым святле мэтай артыкула з'яўляецца разгляд падставовых і змястоўных характарыстык суб'екта гісторыі ў кантэксце гістарычнага развіцця і культуры.
 
Звяртанне да суб'екта гісторыі не можа абысціся без уліку тых дасягненняў, якія адбыліся ў тэорыі гісторыі, з аднаго боку, і культуралогіі, з іншага. У тэорыі гісторыі апошнім часам плённа развіваецца даследаванне гістарычнай памяці, якая стала праблемай міждысцыплінарнага характару. Дадзенае паняцце абазначае сукупнасць пэўных ведаў, уяўленняў і вобразаў гісторыі ў свядомасці чалавека. Важнае значэнне для суб'екта гісторыі набываюць такія якасці гістарычнай памяці, як наяўнасць пэўных інварыянтаў у яе структуры і прывязка да прасторава-геаграфічных асаблівасцяў жыцця суб'екта. Такімі інварыянтамі, якія фарміруюцца падчас жыццядзейнасці чалавека, неабходна лічыць навуковыя гістарычныя веды, паўсядзённыя гістарычныя ўяўленні і гістарычныя вобразы (пераклад наш – Я. Е.) [3, с. 249].
 
Нягледзячы на тое, што гістарычная памяць змяняецца і нават канструюецца, яе нязменным элементам з'ўляецца вобраз мінулага, які ў якасці адбітка пакідаецца ў свядомасці чалавека. Гэта можа быць памяць аб гістарычнай падзеі, асобе, агульным мінулым грамадства. Сукупнасць такіх вобразаў, якія выстройваюцца ў пэўную іерархію, складае індывідуальную і калектыўную гістарычную памяць (пераклад наш – Я. Е.) [3, с. 251–252], узаемадзеянне якіх мае, на наш погляд, дыялектычную прыроду і залежыць не толькі ад установак асобнага чалавека, але і ад асаблівасцяў пэўнай эпохі.
 
Пры гэтым трэба вылучаць простую наяўнасць гістарычнай памяці і актыўнае яе выкарыстанне пры неабходнасці. Гэта звязана з большага з ўсведамленнем яе ў якасці пэўнай асновы дзеянняў. Менавіта таму, на думку Р. Арана, «індывіды і грамадства нясуць у сабе мінулае, якое яны не ведаюць, але ўздзеянню якога пасіўна падвяргаюцца... Пакуль яны не ўсвядомяць таго, хто яны ёсць і кім былі, яны не дасягнуць сапраўднага вымярэння гісторыі» (пераклад наш – Я. Е.) [4, с. 8]. Як гэта ні парадаксальна, яны падвяргаюцца ўздзеянню таго, што даўно было сфарміравана іншымі пакаленнямі людзей. Гэта абумоўлена і наяўнай сістэмай выхавання, і фактычным узроўнем гістарычнай навукі, і нават метадамі прапаганды, якія працуюць на фарміраванне ўласнага вобраза «свайго» і адпаведна «чужога». Гэта можа адбывацца і праз культуру: наяўнасць першапачаткова «чужых» помнікаў у «сваёй» культуры можа прывесці да пераўтварэння «чужога» і ўваходу яго ў гістарычную памяць.
 
Адсюль гістарычная памяць не можа мысліцца па-за межамі культуры ў шырокім сэнсе – сукупнасці форм, прынцыпаў і спосабаў дзейнасці чалавека. Тут маецца на ўвазе не толькі тое, што А. Асман называе мемаралізацыяй культурнай памяці, калі гісторыя праз культуру становіцца асновай звяртання да мінулага і яго пераасэнсавання (пераклад наш – Я. Е.) [5, с. 73]. Гаворка павінна ісці аб пэўных прасторава-часавых характарыстыках рэалізацыі культуры – «гістарычнай прасторы» і «гістарычнага часу».
 
Прастора і час выражаюць «парадкі суіснавання і паслядоўнага існавання з'яў свету» (пераклад наш – Я. Е.) [6, с. 43]. Гістарычная прастора выступае ў якасці пэўнага «якара» са сваімі клімата- геаграфічнымі, геапалітычнымі і геакультурнымі асаблівасцямі. У працэсе развіцця гэтая прастора становіцца гістарычнай, убіраючы ў сябе асаблівасці гэтага развіцця. Але існуе і зваротная сувязь: гістарычная прастора таксама ўплывае на эвалюцыю грамадскага і дзяржаўнага ладу, з'яўляючыся яго гістарычным вобразам. Напрыклад, ужо стала агульным месцам разглядаць Беларусь як краіну, якая знаходзіцца паміж Усходам і Захадам, Еўропай і Расіяй, што дало адбітак на развіццё краіны пасля атрымання незалежнасці, хаця не менш цікавай прадстаўляецца альтэрнатыва – Беларусь паміж Поўднём і Поўначчу, у першую чаргу геапалітычна [7, с 188].
 
Гістарычны час выступае як неабходны элемент тэмпаралізацыі жыцця людзей, фарміравання іх інтэнцыі на даследаванне мінулага (уласна кажучы гістарыяграфіі) і будучага. Невыпадкова, што з'яўляюцца не толькі ўяўленні пра цыклічнасць, лінейнасць і нелінейсць гістарычнага працэсу, але і гістарызм як аснову звяртання да мінулага і яго даследавання (пераклад наш – Я. Е.) [8, с. 93; 9, с. 624]. На наш погляд, гістарычны час з'яўляецца ва ўласным сэнсе не столькі храналогіяй падзей, колькі іх «сховішчам», дзе знаходзяцца пэўныя сэнсаўтвараючыя параметры развіцця і функцыянавання сацыяльнай сістэмы, прыносячы ў яго тое, што прынята называць «сэнсам гісторыі». Трэба пагадзіцца з М. С. Розавым, што сэнс гісторыі – «гэта... сэнс гістарычных зменаў» (пераклад наш – Я. Е.) [10, с. 105], бо яны праз гістарычныя крыніцы сцвярджаюцца ў каштоўнасна-сэнсавай прасторы жыццядзейнасці чалавека.
 
Замацоўваючы сэнсавае вымярэнне часу ў пэўных тэрытарыяльных межах, гістарычная прастора злучаецца з гістарычным часам, і праз рэфлексію – дзейнасць, накіраваную на асэнсаванне ўласных пазнаваўчых і не толькі дзеянняў (пераклад наш – Я. Е.) [11, с. 143],– яны сцвярджаюцца ў свядомасці індывідаў і грамадства як фундаментальны каштоўнасны вобраз рэальнасці пэўнай сацыяльнай сістэмы, фарміруючы гістарычную памяць. Прыкладам могуць служыць такія вобразы, як «амерыканская мара», «вялікая Расія», «аб'яднаная Еўропа», «Беларусь партызанская» і гэтак далей, якія ў далейшым часта становяцца асновай для фарміравання асобных ідэалагічных сістэм, напрыклад, еўразійства ці панамерыканізму.
 
Такім чынам, гістарычная памяць як элемент свядомасці фарміруецца ў выніку асэнсавання і рэфлексіі над прасторава-часавымі характарыстыкамі сацыяльнай сістэмы. З іншага боку, гістарычная памяць таксама можа падвяргацца рэфлексіі. У гэтым выпадку трэба казаць аб гістарычнай памяці як рэфлектыўнай сістэме, якая забяспечвае неабходны ўзровень ускладнення індывіда да актыўнага суб'екта – асобы, ці ўласна суб'екта гісторыі.
 
Гістарычная памяць ілюструе «ўнутранае» вымярэнне суб'екта гісторыі і з'яўляецца важнейшай яго падставовай характарыстыкай. Змястоўныя ж характарыстыкі суб'екта гісторыі, на наш погляд, звязаны з яго дачыненнямі з астатнімі індывідамі і іх сукупнасцямі. Што жа тычыцца палітычных партый, дзяржаў, этнасаў і нацый, якіх да суб'ектаў гісторыі адносіць, напрыклад, М. С. Розаў [10, с. 105], то яны, хаця і маюць пэўнае ўяўленне аб сэнсе гісторыі, але не могуць рэфлектаваць над гістарычнай памяццю, таму ў нашым падыходзе да суб'екта гісторыі не адносяцца.
 
Увасабляючы ў сабе аднаго са шматлікіх удзельнікаў гістарычнага працэсу, суб'ект гісторыі ў той жа час з'яўляецца своеасаблівым рухавіком дзейнасці іншых індывідаў. Тут не ідзе гаворка аб размежаванасці народа, суб'екта гісторыі і эліты. Трэба пагадзіцца з У. М. Калмыковым, што «пастаноўка пытання пра суб'ект гісторыі не носіць характар супрацьстаяння – народ (агульнае), асоба (адзінкавае) або эліта (асаблівае) ствараюць гісторыю» (пераклад наш – Я. Е.) [2, с. 116]. Іншая справа, што ў некаторыя гістарычныя эпохі паміж народам і элітай былі непаразуменні, якія прыводзілі або да «паўстання масс», або да «паўстання эліт». Апошняе, напрыклад, паводле меркавання К. Лэша, мы бачым зараз, калі ідзе вялікі разрыў паміж багатай меншасцю і беднай большасцю (пераклад наш – Я. Е.) [12, с. 27].
 
Суб'ект гісторыі з’яўляецца рэфлектуючай адзінкай і народа, і эліты. Як частка народа, ён не страціў веру ў каштоўнасці (пераклад наш – Я. Е.) [12, с. 23], а як частка эліты, хаця і не ўваходзячы ў яе, гатовы прыняць адказнасць за выкананне сваіх прынцыпаў і нормаў маралі, ведаючы «пачуццё вялікага абавязку перад гісторыяй» і не маючы неймавернага «гістарычнага невуцтва» (пераклад наш – Я. Е. Цыт. паводле : [12, с. 24, 36]). У кантэксце супрацьстаяння «паўстання мас» і «паўстання эліт», суб'ект гісторыі імкнецца зблізіць іх праз ўсведамленне свайго месца (і, адпаведна, сацыяльнай сістэмы) ў гістарычным працэсе соцыума і рефлексію над каштоўнасна-сэнсавымі аспектамі яго быцця. Яны могуць быць рэалізаваны ў сацыяльных дзеяннях як суб'екта, так народа і эліты, будучы накіраванымі на фарміраванне аблічча цяперачыні і будучыні.
 
З іншага боку, не варта абсалютызаваць ролю суб'екта гісторыі. Толькі патройнае адзінства «народ-суб'ект гісторыі-эліта» дазволіць эфектыўна рэалізаваць інтэнцыю на дасягненне агульнай мэты і праз сумесныя дзеянні самаздзяйсненне сэнсу гісторыі. Механізм гэтага дасягнення быў апісаны А. Тойнбі, які разглядаў механізмы генэзісу, развіцця, надлому і краху цывілізацыі. Галоўным фактарам, які вызначае лёс любой цывілізацыі, ён лічыў сутыкненне «выкліку», які ідзе ад асяроддзя і мае выгляд, напрыклад, знешняга заваявання ці катаклізму, і «адказу», які дае цывілізацыя на гэты выклік. Пры гэтым эфектыўны адказ на яго фарміруецца творчай меншасцю – асобамі, якія ўвасабляюць у сабе каштоўнасныя ўстаноўкі і фундаментальныя сэнсы гістарычнага шляху цывілізацыі (пераклад наш – Я. Е.) [13, р. 263]. У гэтай карціне развіцця цывлізацый асоба як суб'ект гісторыі з'яўляецца сістэмаўтвараючым фактарам адказу цывілізацыі на выклік, які «цягне» за сабою інертную большасць.
 
Аднак у фазе надлому цывілізацыі ідзе разбурэнне сувязі паміж большасцю і творчай меншасцю, якія больш зацікаўлены ў захаванні ўласнай улады. Як піша А. Тойнбі, дадзены працэс часам ідзе праз рост мілітарызму, які «надломлівае цывілізацыю, уцягваючы лакальныя дзяржавы ў міжусобныя братазабойчыя войны» (пераклад наш – Я . Е.) [14, с. 222]. У выніку такія механізмы, як «трансферэнцыя» – перанос вынікаў духоўнай працы асобы ў сферу знешніх сацыякультурных адносін (пераклад наш – Я. Е.) [14, с. 261, 702], – і «мімесіс» – безыніцыятыўнае перайманне большасцю досведу і дзеянняў творчай меншасці, у выніку чаго актывізуюцца «ўнутраныя патэнцыі чалавека» (пераклад наш – Я . Е.) [14, с. 259], – ужо не могуць «злучыць» творчую меншасць і астатнюю большасць у агульным адказе цывілізацыі на выклік асяроддзя.
 
Канцэпцыя А. Тойнбі раскрывае лакальныя ўзаемадзеянні актараў рознанакіраваных сацыяльных працэсаў. Разам з рэфлексіўным механізмам асэнсавання ўласнай гісторыі праз гістарычную памяць гэтыя ўзаемадзеянні дазваляюць акумуляваць наяўныя каштоўнасна-сэнсавыя вымярэнні жыццядзейнасці сацыяльнай сістэмы, якія могуць быць «уключаны» ў дзеянні чалавека і грамадства на каштоўнасным іх узроўні. Падобны механізм таксама можа мець месца, на наш погляд, і ў дынаміцы навукі з яе месцам у гісторыі і ўласнымі каштоўнасцямі – этасам навукі. Як правільна заўважыў В. Франкл, каштоўнасці ёсць «універсаліі сэнсу, якія крышталізуюцца ў тыповых сітуацыях, з якім сутыкаецца грамадства ці нават усё чалавецтва (пераклад і курсіў наш – Я. Е.)» [15, с. 288]. Нам падаецца, што дынаміка навукі як асобнай сацыякультурный сістэмы ў пэўнай ступені дэтэрміравана, з аднаго боку, узроўнем рэфлексіі над месцам навукі ў гісторыі чалавецтва, а з іншага – выкарыстаннем пры гэтым этасу навукі ў якасці каштоўнага компаса. Асабліва гэта тычыцца сучаснага этапу развіцця навукі, калі яна не толькі дапамагае функцыянаванню грамадства, але і стварае пэўныя пагрозы для страты яго культурнай і не толькі разнастайнасці. У гэтым кантэксце не выклікае сумнення той факт, што ліст А. Эйнштэйна да Ф. Рузвельта, які тычыўся пагрозы з боку ядзернай праграмы Германіі, быў выкліканы глыбокімі разважаннямі і рэфлексіяй над месцам навукі ў гісторыі агульначалавечай цывілізацыі і яе маральна-каштоўнаснымі падставамі.
 
Такім чынам, важнейшай падставовай характарыстыкай суб’екта гісторыі з’яўляецца гістарычная памяць, якая рэфлексуецца і праз гэта дапамагае знайсці каштоўнасна-сэнсавыя падставы дзеянняў як уласна суб’екта гісторыі, так і астатніх індывідаў. А. Тойнбі, разглядаючы механізмы фарміравання адказу цывілізацыі на выклік асяроддзя, паказаў цесную сувязь творчай меншасці і інертнай большасці ў фарміраванні дадзенага адказу. У гэтым прасочваецца найбольш значная змястоўная характарыстыка суб'екта гісторыі. Ён з'яўляецца тым неабходным элементам, які акумулюе і злучае патэнцыі народа і эліты, ажыццяўляючы тым самым сэнс як уласнай гісторыі, так і асобнай сацыяльнай сістэмы.
 
Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры
 
1. Стёпин, В. С. Классика, неклассика, постнеклассика: критерии различия / В. С. Стёпин // Постнеклассика: философия, наука, культура. – СПб. : Издательский дом «Мiръ», 2009. – С. 249–295.
 
2. Калмыков, В. Н. Роль народа, личности и элиты в истории / В. Н. Калмыков // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. – 2016. – № 1. – С. 112–116.
 
3. Мазур, Л. Н. Образ прошлого: формирование исторической памяти / Л. Н. Мазур // Известия Уральского федерального университета. Сер. 2. Гуманитарные науки. – 2013. – № 3. – С. 243–256.
 
4. Арон, Р. Избранное: Измерения исторического сознания / Р. Арон. – М. : РОССПЭН, 2004. – 528 с.
 
5. Ассман, А. Новое недовольство мемориальной культурой / А. Ассман. – М. : Новое литературное обозрение, 2016. – 232 с.
 
6. Ильин, В. В. Философия политики / В. В. Ильин, А. С. Панарин. – М. : Изд-во МГУ, 1994. – 283 с.
 
7. Санько, С. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі / С. Санько. – Менск : БГАКЦ, 1998. – 190 с.
 
8. Гумилёв, Л. Н. Этносфера: история людей и история природы / Л. Н. Гумилёв. – М. : Экспресс, 1993. – 544 с.
 
9. Савельев, И. М. История и время. В поисках утраченного / И. М. Савельева, А. В. Полетаев. – М. : «Языки русской культуры», 1997.– 800 с.
 
10. Розов, Н. С. Интеллектуальные повороты и глубокие затруднения современной философии истории / Н. С. Розов // Новые парадигмы социального знания / Д. В. Винник [и др.]. – Новосибирск : Манускрипт-СИАМ, 2013. – Гл. 1. – С. 9– 136.
 
11. Сорвин, К. В. Культура как рефлексивная система / К. В. Сорвин // Теоретическая культурология. – М. : Академический Проект ; Екатеринбург : Деловая книга ; РИК, 2005. – С. 143– 154.
 
12. Лэш, К. Восстание элит и предательство демократии : пер. с англ. / К. Лэш ; пер. Дж. Смити, К. Голубович. – М. : Издательство «Логос», Издательство «Прогресс», 2002. – 224 с.
 
13. Toynbee, A. A. Study of History : in 12 vol. Vol 3 : The Growths of Civilizations / A. Toynbee. – London : Oxford University Press, 1934.– 484 p.
 
14. Тойнби, А. Постижение истории / А. Тойнби. – М. : Прогресс, 1991. – 736 с.
 
15. Франкл, В. Человек в поисках смысла: сборник : пер. с англ. и нем / В. Франкл ; общ. ред. Л. Я. Гозмана и Д. А. Леонтьева ; вст. ст. Д. А. Леонтьева. – М. : Прогресс, 1990. – 368 с.