пʼятниця, 15 липня 2022 р.

Алесь Дуброўскі. Пра паэзію і багаслоўе

Самая моцная паэзія – гэта матэматыка. На другім месцы стаіць “паэзія”, якая называецца “музыка”, на трэцім – “паэзія”, якая называецца “багаслоўе”. Паэзія, якая называецца “паэзія”, слабейшая за гэтыя тры. Але ў ёй ёсць адзін плюс – яна спалучае ўласцівасці названых трох. Вершаваны тэкст з’яўляецца матэматычна арганізаваным; яго ўздзеянне аналагічнае ўздзеянню музыкі; тэкст мае логасны пачатак. Бясспрэчна, камусьці (мне, напрыклад) падабаецца, калі гэта не толькі прафанна-логасны, але і тэа-логасны пачатак. Проста гэта далёка не ўсім паэтам цікава. Гэта было цікава Блоку, Пастарнаку, Барадуліну… Хтосьці цягнуўся да пачатку тэа-логаснага інтуітыўна… (Музыка – таксама матэматыка, але логаснага пачатку не мае, калі на яе не накладаецца тэкст.) Музыка і багаслоўе перакладаюць матэматыку на дзве розныя мовы; пры гэтым матэматыка сама дастаткова кажа пра Бога.

…Тое, што багаслоўе “здаровага чалавека” – гэта паэзія, зразумела з так званага “Янава корпуса” ў Новым Запавеце. Багаслоўе можа здавацца далёкім ад матэматыкі і музыкі, але калі ў ім зусім няма ні таго ні другога – гэта і не зусім багаслоўе. Калі ў ім няма паэзіі – яно зусім не багаслоўе. Проста музыка і паэзія – гэта мастацтва. Матэматыка і багаслоўе – не. Але багаслоўе – гэта творчасць (як ёсць і навуковая творчасць). Сустракаюцца нейкія ўтварэнні, якія па назве быццам бы і багаслоўе, але ў іх не тое што матэматыкі, музыкі, паэзіі няма, але няма і творчасці як такой. Напрыклад, ерась фундаменталізму. І вось на такіх “утварэннях” існуюць цэлыя канфесіі, цэлыя цэрквы! А гэта зусім сумна.

…Гэта нармальна – успрымаць багасловаў па аналогіі з паэтамі. Паэты падзяляюцца на “маіх” і “не маіх”. Адпаведна, Карл Барт – не зусім “мой” багаслоў; пры гэтым яго багаслоўе – паэзія (але не зусім мая). Я не сустракаў чалавека, якому падабаўся б паэт Брусаў. Нармальна, калі падабаецца Маякоўскі. “…Если звезды зажигают – значит – это кому-нибудь нужно?” Кожны паэт каму-небудзь патрэбны. Нават Брусаў. Праз яго ўвайшлі іншыя, як праз дзверы. А з дзвярыма параўноўваецца нават Хрыстос, прычым менавіта ў “Янавым корпусе”.

…На падрыхтоўчых курсах для паступлення на філфак са мной вучылася дзяўчынка, якая казала, што яна не разумее паэзію. Навошта яна паступала на філфак? Яна думала, што яна разумее прозу? Але проза складанейшая за паэзію. Ёсць, праўда, і пісьменнікі, якія не ўмеюць чытаць. Напрыклад, Леў Талстой. Адрозненне ад Шолахава ў тым, што апошні яшчэ і пісаць не ўмеў. (Праўда, трэба адрозніваць Шолахава ад літаратурнага праекта “Шолахаў”.) Талстой не разумеў: 1) любых тэкстаў, напісаных не ім (ад Бібліі да сучаснікаў); 2) уласных тэкстаў (як мінімум праз нейкі час пасля напісання). Першы момант нармальны для любога паэта (з адным выключэннем, пра якое скажу; другі момант, як паказвае практыка, нармальны і для многіх празаікаў). Для паэта дрэннымі будуць усе вершы, напісаныя не ў яго мастацкім метадзе. Выключэнне – тыя паэты, якія да таго ж з’яўляюцца прафесійнымі літаратуразнаўцамі. Яны не будуць кідацца фразай “дрэнныя вершы”. Калі не тваё – не значыць, што дрэннае. Але тут я не маю на ўвазе людзей, якія так-сяк адвучыліся на філфаку. Гэта не значыць, што яны прафесійныя літаратуразнаўцы. Калі паэт не літаратуразнаўца, для яго густаўшчына – норма. Толькі тады не трэба лезці ў рэдактары розных часопісаў і г.д.

17.07.2022