Показ дописів із міткою Дуброўскі Александр. Показати всі дописи
Показ дописів із міткою Дуброўскі Александр. Показати всі дописи

пʼятниця, 15 липня 2022 р.

Алесь Дуброўскі. Пра паэзію і багаслоўе

Самая моцная паэзія – гэта матэматыка. На другім месцы стаіць “паэзія”, якая называецца “музыка”, на трэцім – “паэзія”, якая называецца “багаслоўе”. Паэзія, якая называецца “паэзія”, слабейшая за гэтыя тры. Але ў ёй ёсць адзін плюс – яна спалучае ўласцівасці названых трох. Вершаваны тэкст з’яўляецца матэматычна арганізаваным; яго ўздзеянне аналагічнае ўздзеянню музыкі; тэкст мае логасны пачатак. Бясспрэчна, камусьці (мне, напрыклад) падабаецца, калі гэта не толькі прафанна-логасны, але і тэа-логасны пачатак. Проста гэта далёка не ўсім паэтам цікава. Гэта было цікава Блоку, Пастарнаку, Барадуліну… Хтосьці цягнуўся да пачатку тэа-логаснага інтуітыўна… (Музыка – таксама матэматыка, але логаснага пачатку не мае, калі на яе не накладаецца тэкст.) Музыка і багаслоўе перакладаюць матэматыку на дзве розныя мовы; пры гэтым матэматыка сама дастаткова кажа пра Бога.

…Тое, што багаслоўе “здаровага чалавека” – гэта паэзія, зразумела з так званага “Янава корпуса” ў Новым Запавеце. Багаслоўе можа здавацца далёкім ад матэматыкі і музыкі, але калі ў ім зусім няма ні таго ні другога – гэта і не зусім багаслоўе. Калі ў ім няма паэзіі – яно зусім не багаслоўе. Проста музыка і паэзія – гэта мастацтва. Матэматыка і багаслоўе – не. Але багаслоўе – гэта творчасць (як ёсць і навуковая творчасць). Сустракаюцца нейкія ўтварэнні, якія па назве быццам бы і багаслоўе, але ў іх не тое што матэматыкі, музыкі, паэзіі няма, але няма і творчасці як такой. Напрыклад, ерась фундаменталізму. І вось на такіх “утварэннях” існуюць цэлыя канфесіі, цэлыя цэрквы! А гэта зусім сумна.

…Гэта нармальна – успрымаць багасловаў па аналогіі з паэтамі. Паэты падзяляюцца на “маіх” і “не маіх”. Адпаведна, Карл Барт – не зусім “мой” багаслоў; пры гэтым яго багаслоўе – паэзія (але не зусім мая). Я не сустракаў чалавека, якому падабаўся б паэт Брусаў. Нармальна, калі падабаецца Маякоўскі. “…Если звезды зажигают – значит – это кому-нибудь нужно?” Кожны паэт каму-небудзь патрэбны. Нават Брусаў. Праз яго ўвайшлі іншыя, як праз дзверы. А з дзвярыма параўноўваецца нават Хрыстос, прычым менавіта ў “Янавым корпусе”.

…На падрыхтоўчых курсах для паступлення на філфак са мной вучылася дзяўчынка, якая казала, што яна не разумее паэзію. Навошта яна паступала на філфак? Яна думала, што яна разумее прозу? Але проза складанейшая за паэзію. Ёсць, праўда, і пісьменнікі, якія не ўмеюць чытаць. Напрыклад, Леў Талстой. Адрозненне ад Шолахава ў тым, што апошні яшчэ і пісаць не ўмеў. (Праўда, трэба адрозніваць Шолахава ад літаратурнага праекта “Шолахаў”.) Талстой не разумеў: 1) любых тэкстаў, напісаных не ім (ад Бібліі да сучаснікаў); 2) уласных тэкстаў (як мінімум праз нейкі час пасля напісання). Першы момант нармальны для любога паэта (з адным выключэннем, пра якое скажу; другі момант, як паказвае практыка, нармальны і для многіх празаікаў). Для паэта дрэннымі будуць усе вершы, напісаныя не ў яго мастацкім метадзе. Выключэнне – тыя паэты, якія да таго ж з’яўляюцца прафесійнымі літаратуразнаўцамі. Яны не будуць кідацца фразай “дрэнныя вершы”. Калі не тваё – не значыць, што дрэннае. Але тут я не маю на ўвазе людзей, якія так-сяк адвучыліся на філфаку. Гэта не значыць, што яны прафесійныя літаратуразнаўцы. Калі паэт не літаратуразнаўца, для яго густаўшчына – норма. Толькі тады не трэба лезці ў рэдактары розных часопісаў і г.д.

17.07.2022

субота, 3 жовтня 2020 р.

Аляксандр Дуброўскі. Бог і народ

Ісаі 5:1-7
“1 Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары. 2 І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады. 3 І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім. 4 Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады? 5 Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць. 6 І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом. 7 Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды – любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось – праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось – лямант.”
© Библия Онлайн, 2003-2020.

Я думаю, што для многіх хрысціян тэма “Бог і народ” здаецца “старазапаветнай”. Логіка такая: гэта ў Старым Запавеце быў абраны Богам народ, Ізраіль, а сёння, маўляў, сама катэгорыя народа – багаслоўскі архаізм. Пэўная традыцыя ўнутры хрысціянста прывучыла нас да думкі, што сёння Бог мае стасункі выключна з асобай. Праўда, ёсць і іншая – даволі моцная – традыцыя, паводле якой Бог мае справу з Царквой, якую і трэба ўспрымаць як “народ Божы”. І толькі на ўзбочыне магістральнага хрысціянства, як нешта маргінальнае, усё ж прысутнічаюць нейкія спробы разважаць пра нейкую магчымасць узаемаадносін Бога і народа-нацыі. 

А вось нечакана мне падумалася, што ёсць прычыны перастаць успрымаць гэтую тэму як маргінальную. Адна прычына заключаецца ў тым, што было б дзіўна выкідаць у сметніцу такую важную (калі не цэнтральную) для старазапаветнай часткі Бібліі тэму. А спробы давесці, што Новы Запавет быццам бы гэтую тэму закрэсліў, наўрад ці будуць паспяховымі. Новы Запавет гэтую тэму толькі паглыбіў. Сапраўды, у народ Божы, па-першае, уваходзяць сёння прадстаўнікі розных нацый, а па-другое, межы паміж імі сціраюцца (“няма ні іўдзея, ні эліна”). Гэта ўсё праўда. Праўда таксама і тое, што ўзнікае паняцце Царквы. Але тут адразу трэба сказаць, што нельга ў сувязі з паняццем Царквы звужаць тэму ўзаемаадносін Бога і яго народа да карыкатуры “Бог і рэлігійная арганізацыя” (прычым тут кожная канфесія пачынае выключна сябе разумець пад “Божым народам”). Царква – паняцце дынамічнае. Паколькі ўсё чалавецтва – Божае стварэнне, яно павінна разумецца “Царквой у патэнцыяле”. Дый прыналежнасць да нейкай рэлігійнай арганізацыі не гарантыя таго, што дадзены канкрэтны чалавек – больш “паўнамоцны” прадстаўнік народа Бажага, чым той, хто да гэтай арганізацыі не належыць. І тут Біблія дае шмат пацверджанняў – і вуснамі аўтараў Старога Запавету, і вуснамі Хрыста… Акрамя таго, нават у Старым Запавеце іншыя народы таксама малююцца аб’ектамі Божай цікавасці і клопату.

Гэтая доўгая прадмова спатрэбілася мне, каб сказаць пра тое, што тэма “беларускі народ і задума Божая” мае поўнае права на тое, каб над ёю разважаць. Няма нічога наіўнага ў гэтай фармулёўцы. Як няма нічога наіўнага ці дзіўнага ў тэмах “паўночнакарэйскі народ і Бог”, “іранскі народ і Бог” і г.д. Сёння я не магу згадзіцца з уяўленнямі пра тое, што Богу цікавыя толькі “асоба” і “Царква” (у значэнні “рэлігійная арганізацыя”). Катэгорыя народа як была адной з фундаментальных у пісаннях Старога Запавету, так і павінна заставацца такой у сучасным хрысціянскім багаслоўі. Чалавек як асоба – сапраўды найвышэйшае стварэнне Божае, але чалавек як асоба магчымы толькі як прадстаўнік чалавецтва, а гэта значыць – народа. Супрацьпастаўленне асобы і народа магчымае, толькі калі пад народам разумець натоўп. Але калі пад народам разумець народ Божы, то такі народ менавіта і складаецца з асоб. Таму і для кожнай нацыі будуць лёсавызначальнымі ўсе тыя моманты гісторыі, калі ў народзе катэгорыя асобы “абвастраецца”; тыя моманты, калі народ пачынае ўсведамляць сябе; тыя моманты, калі менавіта існаванне ў якасці безаблічнай масы робіцца немагчымым і непрымальным і адбываецца “выбух самасвядомасці”.

Ёсць напружанне паміж асобай і натоўпам, статкам, але няма напружанасці паміж асобай і народам, калі гэты народ складаецца з асоб. Асоба выкрышталізоўваецца з індывідуума праз максімальнае развіццё сумлення, самастойнасці, адказнасці. Асоба вырываецца з натоўпу, каб вярнуцца ў Народ. Нядаўна я гаварыў пра Царкву з вялікай літары і царкву з малой літары. Адпаведна, можна гаварыць і пра Народ (з вялікай, а не толькі з малой літары). Такі Народ нараджаецца не проста ў пакутах і выпрабаваннях, хаця гэта праўда, але і ў “выбуху асобаснасці”. Адна толькі магчымасць назіраць, як гэтыя ўспышкі святла адбываюцца там, дзе прывыклі бачыць шэрую безаблічную масу, – неверагодная радасць.

Катэгорыя народа застаецца фундаментальнай у хрысціянскай свядомасці, бо Пісанне па сутнасці – гісторыя народа Божага. Звесці гэту гісторыю да “мікрагісторый” рэлігійных суполак – банальнасць. Значна больш захапляе ідэя пра тое, што ў гісторыі чалавецтва можна назіраць гэтыя неверагодныя падзеі ператварэнне не-народа ў народ, як і напісана ў Першым пасланні Пятра: “…колісь не народ, а сёньня народ Божы…” (1 Пятра 2:10).

пʼятниця, 25 вересня 2020 р.

Алесь Дуброўскі. Дыялог як багаслоўская катэгорыя ў кантэксце хрысціянскай місіі: біблеістычны і місіялагічны аспекты

Алесь Дуброўскі. Дыялог як багаслоўская катэгорыя ў кантэксце хрысціянскай місіі: біблеістычны і місіялагічны аспекты // Фалькларыстычныя даследаванні : Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі : зб. навук. арт. Вып. 12 / пад нав. рэд. Т. В. Лук’янавай, С. В. Шамякінай; уклад. В. В. Прыемка; БДУ. – Мінск : Права і эканоміка, 2015. – С. 185-190.

 


Алесь Дуброўскі
Дыялог як багаслоўская катэгорыя ў кантэксце хрысціянскай місіі: біблеістычны і місіялагічны аспекты

Прынцып дыялагічнасці закладзены ў хрысціянскае светабачанне на самых розных узроўнях. Моцныя сэнсавыя абертоны, звязаныя з дыялагічнасцю, можна пачуць нават у такіх фундаментальных догматах, як трынітарны (траістасць Бога – ўжо аснова дыялогу як спрадвечнага механізму), хрысталагічны (маецца на ўвазе богаўвасабленне ў Хрысце, калі сустракаецца Боскае і чалавечае), бібліялагічны (маецца на ўвазе богачалавечая прырода Бібліі, дзе дыялагічнасць Бога і чалавека ўвасабляецца ўжо ў катэгорыі аўтарства тэксту). Але зараз мы звернемся да іншых аспектаў праблемы – біблеістычнага і місіялагічнага.

Ад самага моманту ўзнікнення хрысціянства ўступіла ў светапоглядны дыялог, які амаль адразу стаў дыялогам міжкультурным. Што маецца на ўвазе? Першы дыялог хрысціянства – з іўдаізмам, другі – з грэка-рымскім язычніцтвам. Дыялог з іўдаізмам спачатку не быў міжкультурным, бо першыя хрысціяне былі яўрэямі (і – што вельмі важна – нават не думалі ад іўдаізму аддзяляцца). Аднак нельга не гаварыць пра дыялог, бо ў першых жа тэкстах хрысціянства, якія потым складуць канон Новага Запавету, мы пастаянна бачым інтэртэкстуальныя зносіны са Старым Запаветам, якія праяўляюцца ў цытатнасці самага рознага тыпу. Іншымі словамі, аўтары хрысціянскіх тэкстаў як бы «дазваляюць гаварыць» старазапаветным тэкстам, а лепей сказаць – заклікаюць іх гаварыць. Гэтая дыялагічнасць уносіцца ў тэкст абсалютна свядома і надзвычай настойліва. 

Другім (а ў будучым – асноўным) адрасатам хрысціянскай пропаведзі стаў грэка-рымскі свет. Нават калі абмежавацца толькі тэкстамі Бібліі (а ў гэтым дакладзе мы так і зробім), будзе бачна, што аспект дыялагічнасці ў працэсе тэкстапараджэння быў вельмі актуальным. Апостал Павел, вядомы як «апостал язычнікаў», звяртаецца да грэка-рымскай культуры самым разнастайным чынам. Гэта зноў жа цытаты (Менандр, Эпіменід, Арат). Чаго варты толькі сямнаццаты раздзел Дзеяў святых апосталаў, дзе прыводзіцца пропаведзь Паўла ў Афінах (вершы 22–31)!

Надзвычай цікавы не толькі дыялог сэнсаў, але і дыялог форм. Гаворка ідзе пра жанравую прыроду новазапаветных тэкстаў. Даследчык Д. Аўні паказаў, што практычна ўсе тэксты Новага Запавету маюць генетычныя і тыпалагічныя сувязі з літаратурнымі і рытарычнымі формамі грэка-рымскай культуры [1]. Для дылогіі Лукі (Евангелле і Дзеі святых апосталаў) – гэта гістарыяграфія, для новазапаветных пасланняў – гэта грэка-рымская эпісталярная літаратура і г. д.

Вельмі важна тое, што гэты працэс «культурнай дыялагізацыі» адбываўся не адвольна, не пасіўна, а абсалютна свядома і мэтанакіравана. Яшчэ раз звернемся да фігуры Паўла. Пры аналізе з’явы, якая цікавіць нас, ёсць сэнс звяртацца не толькі «наперад» – да свету адрасатаў «апостала язычнікаў», але і «назад» – да фігуры самога Ісуса. Цікавасць тут уяўляе той красамоўны факт, што ні Павел, ні нават іншыя апосталы не паўтараюць і не капіруюць Ісуса ў сваіх тэкставых стратэгіях. Ісус гаварыў прытчамі, заснаванымі на даволі прыземленых вобразах. У тэкстах Паўла (і ў іншых новазапаветных пасланнях) гэтая жанравая форма поўнасцю адсутнічае. Па сутнасці, адбываецца пераклад Евангелля на абсалютна іншую, паняційную, мову. І адбываецца гэта па зразумелых прычынах: гэта была мова грэка- рымскага свету! Паўтараць прытчы, якія гаварыліся ў кантэксце яўрэйскай культуры, было тут проста немагчыма. Так быў закладзены фундаментальны прынцып хрысціянскай місіі – прынцып культурнага перакладу. У сучаснай місіялогіі для гэтага выкарыстоўваюцца нават адмысловыя тэрміны – кантэкстуалізацыя, інкультурацыя і г. д. [2].

Такі культурны пераклад – падстава таго, што без дыялагічнасці хрысціянства далей ужо проста не існавала. Прычым дыялог заўжды прыводзіў да ўзнікнення нейкіх новых культурных форм самога хрысціянства. Так, эліністычная парадыгма ўсходняй царквы перакладае Евангелле на мову грэчаскіх філасофскіх катэгорый, сярэднявечная рымска- каталіцкая парадыгма – на мову рымскага права і г. д. Сучасныя місіёлагі і біблеісты згаджаюцца ў адным: разнастайнасць хрысціянства – і ў першым стагоддзі (менавіта так!), і ў дваццаць першым – гэта норма. Вось што піша аўтарытэтны біблеіст Дж. Дан: «…многообразие – не некая вторичная черта христианства, не просто некое наслоение шелухи, которую можно отколупать и добраться до чистой, девственной, неизменной сердцевины. Многообразие в христианстве – фундаментально. <…> Христианство может существовать лишь в конкретных выражениях, и эти конкретные выражения неизбежно отличаются друг от друга. Для того чтобы быть христианством, оно должно быть многообразным» [3, 423]. Усе гістарычныя абставіны ўзнікнення гэтай разнастайнасці непазбежна прыводзяць нас да паняцця культурнай дыялагічнасці, бо апошняя – галоўны фактар названай разнастайнасці. 

Разам з тым трэба засцерагчы нашага сучасніка ад адной сур’ёзнай памылкі – ад памылкі анахранізму. Справа ў тым, што дыялог у першахрысціянстве – гэта не дыялог розных рэлігій. Для многіх будзе навіной, што сучасная біблеістыка прыйшла яшчэ да адной важнай высновы: у момант свайго ўзнікнення хрысціянства 1) не было новай рэлігіяй; 2) не было рэлігіяй увогуле. Калі пад «момантам узнікнення» разумець перыяд жыцця і дзейнасці Ісуса Хрыста, то гэтую думку можна канкрэтызаваць: Ісус не збіраўся засноўваць новую рэлігію, а сама яго пропаведзь была значна шырэйшай за тое, што мы прывыклі разумець пад рэлігійнай пропаведдзю. Тут ёсць сэнс спаслацца на грунтоўныя працы Н. Т. Райта, які паказвае (калі казаць у дачыненні да нашай тэмы), што ў пропаведзі Ісуса не было нічога, што не было б угрунтавана ў логіку іўдзейскай свядомасці, што не выцякала б з яе абсалютна лагічна і арганічна [гл., напрыклад, 4]. Акрамя таго, заўважым, што сучасны падзел грамадскай свядомасці на дастаткова выкрышталізаваныя формы, сярод якіх рэлігія – адна з такіх форм, – здабытак менавіта нашага часу. У старажытнасці ніякай выразнай мяжы немагчыма было правесці паміж рэлігіяй, філасофіяй, этыкай, палітычнай свядомасцю і г. д. Такім чынам, фраза «Ісус Хрыстос – заснавальнік новай рэлігіі» – анахранізм. І як новая рэлігія (у адносінах да іўдаізму), і як рэлігія ўвогуле хрысціянства пачынае ўспрымацца значна пазней. Таму ў акрэсленыя вышэй два дыялогі – з іўдзейскім кантэкстам і з грэка-рымскай культурай – хрысціянства ўступае ў абсалютна іншым статусе. І адбываецца зусім не тое, што мы сёння маглі б уявіць пад паняццем дыялог рэлігій.

Свайму іўдзейскаму кантэксту першахрысціянства прапануе не новую рэлігійную сістэму, а новы сацыяльна-гістарычны вектар (хаця мы разумеем умоўнасць і такога азначэння). Сваім язычніцкім адрасатам хрысціянства першага стагоддзя прапаноўвала, зноў жа, не сістэму рэлігійных догматаў (яе тады проста не існавала!), а новы каштоўнасна-светапоглядны вектар (з іўдаізмам ён у першахрысціянства быў агульны). Добрай ілюстрацыяй нам здаецца раман Г. Сянкевіча «Quo vadis». Нязначныя анахранізмы багаслоўскага плану ёсць і там, але Г. Сянкевіч, будучы таленавітым пісьменнікам, вельмі добра ўчытаўся і ў Біблію, і ўвогуле ў гістарычны кантэкст першахрысціянства. Чаго няма ў рамане – гэта менавіта сутыкнення рэлігій. «Quo vadis» – гэта грандыёзнае сутыкненне светаў (нават Сусветаў, космасаў). Гэта сутыкненне светапоглядаў – у іх абсалютнай цэласнасці. Тое, што гэта адбываецца праз дыялог, – цалкам зразумела, але гэта не дыялог рэлігій, а менавіта дыялог культурных цэласнасцяў.

Сама дагматыка, дарэчы, як прадукт сістэматыка-багаслоўскага дыскурсу стала ў свой час адказам на патрэбы дыялогу ў кантэксце місіі (Марцін Кёлер казаў, што місія – гэта «маці багаслоўя»). А ў сучасным хрысціянстве сапраўдны багаслоўскі дыскурс аказваецца не запатрабаваным менавіта там, дзе дыялагічнасць элімінуецца і ўзмацняюцца тэндэнцыі сектантства і эскапізму.

Калі не было дагматыкі, то ў якой жа форме звярталася першахрысціянства да сваіх адрасатаў? Адказ даволі просты – у форме аповеду. І справа не толькі ў тым, што пры аналізе зафіксаваных у новазапаветных тэкстах місіянерскіх пропаведзяў мы сутыкаемся менавіта з аповедам, з пераказам гісторыі, а не з чым іншым. Справа ў тым, што само хрысціянства, калі сёння спрабаваць гаварыць пра хрысціянства аўтэнтычнае, – гэта менавіта аповед. Бясспрэчна, такім яно было нядоўгі час, саступіўшы месца адцягненым дагматычным сістэмам, якія, дарэчы, сталі проста той формай, якая была запатрабавана менавіта ўмовамі дыялогу з іншай культурай – эліністычнай. Але для сучаснага хрысціянства дадзены гістарычны экскурс мог бы стаць каштоўным у тым сэнсе, у якім зварот да першакрыніц каштоўны заўсёды. Калі казаць канкрэтна, звернем увагу на тое, што ў сітуацыі дыялогу сістэма адцягненых паняццяў і аповед паводзяць сябе абсалютна па-рознаму. Адцягненае паняцце, догмат можна прымаць ці не прымаць, згаджацца з імі ці не згаджацца, у іх можна спрабаваць пераконваць, іх можна спрабаваць даводзіць і г. д. Аповед – сутнасць зусім іншага парадку, і тут спрацоўваюць зусім іншыя механізмы. Слухач аповеду мае справу не з катэгорыямі згоды, пераканання, доказу і г. д. Ён мае справу з даволі арганічным механізмам уваходжання ў тыя сэнсы, якія ў аповед закладзены. Умоўна кажучы, грэка-рымскі свет меў свой аповед – антычную міфалогію; першахрысціянства звярнулася да яго са сваім аповедам. Штосьці падказвае нам, што ў той сітуацыі слухачы першых хрысціянскіх місіянераў нават не фармулявалі для сябе ўласны выбар як выбар паміж дзвюма рэлігійнымі сістэмамі. Гэта быў выбар паміж дзвюма даволі рознымі гісторыямі, за якімі стаялі даволі розныя светапогляды, значна шырэйшыя за ўсё тое, што можа быць названа «рэлігіяй». І калі першых хрысціян каралі смерцю на арэнах рымскіх цыркаў, то зусім не за здраду «рэлігіі», а хутчэй за тое, што мы сёння назвалі б палітычнай нелаяльнасцю, бо праблема была ў тым, каго назваць Госпадам – Хрыста ці імператара.

Дыялог розных аповедаў – вельмі цікавая форма дыялогу. Па сутнасці, пры звароце да язычніцкай аўдыторыі хрысціянства супрацьпастаўляе свой аповед аповеду язычніцкай міфалогіі. Але гэтае супрацьпастаўленне не выключае ўзаемадзеяння, у тым ліку «незапланаванага». Узнікненне тых ці іншых гістарычных форм хрысціянства на працягу ўсёй двухтысячагадовай яго гісторыі – вынік такога ўзаемадзеяння. І Рэфармацыя, дарэчы, стала магчымай тады, калі крытычная маса язычніцкіх «украпін» у сярэднявечным каталіцызме не магла не аказацца відавочнай нават для людзей, выхаваных у той культуры як у сваім арганічным кантэксце. Прычым Рэфармацыя пачалася не з барацьбы з гэтымі «ўкрапінамі»: яны першапачаткова нікога не турбавалі. Гэта потым будзе адмаўленне культу святых, абразоў, абраднасці і г. д. Пачыналася ўсё з праблематыкі і канкрэтыкі значна больш прыземленай – продаж індульгенцый і аўтарытэт Папы. Толькі потым рэфарматары, звярнуўшыся да Бібліі як да крыніцы інфармацыі пра хрысціянства аўтэнтычнае, абвясцілі пра вяртанне да вытокаў і пачаўся надзвычай цікавы, унікальны працэс рэстаўрацыі як першапачатковых форм, так і сэнсаў. Працэс гэты працягваецца і зараз, і абслугоўваецца ён ужо фундаментальнай навуковай метадалогіяй, перш за ўсё філалагічнай і гістарычнай. Біблія вывучана як ніякі іншы тэкст сусветнай культуры, а адкрыцці не спыняюцца.

Гістарычны аналіз таго, чым быў насамрэч дыялог хрысціянства з іншымі культурнымі сістэмамі раней, можа шмат даць нам сёння (найперш – у міжрэлігійным дыялогу; магчыма, у найбольшай ступені – у дыялогу з іўдаізмам, хаця далёка не толькі з ім). Нас яшчэ чакае сапраўднае ўсведамленне таго, які плён можа даць разуменне першапачатковых форм і перадумоў гэтага дыялогу ў гісторыі хрысціянства.

Звернемся больш падрабязна да разумення катэгорыі дыялогу сучаснай хрысціянскай місіялогіяй, якая, дарэчы, таксама стала фундаментальнай навукай, што выкарыстоўвае здабыткі культуралогіі, гісторыі, біблеістыкі і інш.

Знакаміты спецыяліст у галіне місіялогіі Дэвід Бош прысвячае нашаму пытанню спецыяльны параграф – «Дыялог і місіянерства» ў сваёй грунтоўнай працы «Transforming Mission…» (рускі пераклад – «Преобразования миссионерства: сдвиги парадигмы в богословии миссионерской деятельности»). Вось тэзісы названага аўтара [2, 536–543].

1. Хрысціянская місія з усёй гатоўнасцю прызнае факт суіснавання розных рэлігій. Зараз мала хто жыве па-за межамі кантактаў з прадстаўнікамі іншых рэлігій. Хрысціянская вера па самой сваёй прыродзе схільная да дыялогу.

2. Дыялогу не перашкаджае сапраўдная адданасць уласнай рэлігіі. Абсалютна не трэба прыносіць сваю пазіцыю ў ахвяру.

3. У адпаведнасці з хрысціянскімі ўяўленнямі, культура нашых суразмоўцаў з’яўляецца тым кантэкстам, у якім сам Бог рыхтаваў іх да таго, каб пачуць наш аповед. Іншымі словамі, культура – не вораг, а прыхільнік! Таму і дыялог у кантэксце гэтай культуры – абсалютная норма.

4. Дыялог вядзецца з пазіцый ціхмянасці (смирения), а не сілы.

5. Дыялог павінен «грунтавацца на ўсведамленні таго, што рэлігіі з’яўляюцца цэласнымі самастойнымі светамі, кожны са сваёй цэнтральнай воссю і структурай». Гэты важны пастулат засцерагае ад спробы змяшаць усе рэлігіі ў нейкую аморфную масу.

6. «Дыялог і місіянерства не тоесныя і не супрацьлеглыя адно аднаму». Паміж дыялогам і місіянерствам ёсць, хутчэй, падабенства. «Ні ў дыялогу, ні ў місіянерстве рух не з’яўляецца аднабаковым; у абодвух выпадках супрацьпаказаны ўпарты дагматызм, фанатычная нецярпімасць або спробы маніпуляваць партнёрам». Мы прапануем нашым партнёрам па дыялогу свой аповед і «выслухоўваем такое ж сведчанне з іх боку».

7. Сёмы тэзіс Д. Боша будзе добра зразумелы ў кантэксце таго, што мы казалі аб прыродзе першахрысціянства. Бош таксама згаджаецца з тым, што той змест, які нясе хрысціянскі аповед, – гэта не абмежаваная рэлігійнай тэматыкай інфармацыя, сфакусіраваная на праблеме «замагільнага існавання душы». Эфект, які чакаецца ад уваходжання ў сэнсы евангельскага аповеду, – «гэта змена прыярытэтаў» у светапоглядзе і жыцці.

Такім чынам, мы ўбачылі, што дыялагічнасць угрунтавана ў хрысціянстве як абсалютна арганічны элемент, што пацвярджаецца як даследаваннем старажытных тэкстаў, так і сучаснай місіялагічнай тэорыяй і практыкай. Хрысціянства не існуе як без разнастайнасці ўласных форм, так і без дыялогу з самымі рознымі культурамі, светапоглядамі, аповедамі, сістэмамі каштоўнасцей. Хрысціянскую місію немагчыма ўявіць без дыялогу ні сёння, ні на працягу ўсёй яе гісторыі, пачынаючы ад Хрыста і апосталаў.

Літаратура

1. Ауни, Д. Е. Новый Завет и его литературное окружение / Д.. Е. Ауни. – СПб. : Российское Библейское Общество, 2000. – 271 с.

2. Бош, Д. Преобразования миссионерства : сдвиги парадигмы в богословии миссионерской деятельности / Д. Бош. – СПб. : Христинаское общевство «Библия для всех», 1997. – 640 с.

3. Данн, Дж. Д. Единство и многообразие в Новом Завете : исследование природы первоначального христианства / Дж. Д. Данн. – М. : Библейско-богословский институт св. апостола Андрея, 1997. – 526 с.

4. Райт, Н. Т. Иисус и победа Бога / Н. Т. Райт. – М. : Библейско-богословский институт св. апостола Андрея, 2004. – 688 с.

четвер, 24 вересня 2020 р.

Аляксандр Дуброўскі. Сучасныя пераклады Бібліі: семантыка-стылістычны аналіз

Дуброўскі Аляксандр. Сучасныя пераклады Бібліі: семантыка-стылістычны аналіз// Журналістыка-2015: стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 17-й Міжнар. навук.-практ. канф., 12–13 ліст. 2015 г ., Мінск / рэдкал. : С.В. Дубовік (адк. рэд.) [і інш.]. – Вып. 17. – Мінск : БДУ , 2015. – С. 268-270.

 


Аляксандр Дуброўскі. 

Сучасныя пераклады Бібліі: семантыка-стылістычны аналіз

Зусім хутка – у 2017 годзе – будзе адзначацца двайны юбілей – 500-годдзе скарынаўскай Бібліі і 500-годдзе Рэфармацыі. У гэтым супадзенні ёсць свой сэнс: Рэфармацыя і абвясціла, і рэалізавала зварот да Бібліі, прычым выражалася гэта і ў актывізацыі дзейнасці па перакладзе Свяшчэннага Пісання на нацыянальныя мовы хрысціянскіх народаў. Напярэдадні гэтага юбілею асабліва цікава паглядзець на тое, што робіцца ў галіне біблейскага перакладу сёння.

Зараз ёсць ужо шэраг перакладаў Бібліі і асобных яе частак на сучасную беларускую мову. Найбольш значныя дасягненні – пераклад Бібліі В. Сёмухі, пераклад Бібліі Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (на падставе рукапісаў У. Чарняўскага), пераклад Новага Запавету А. Клышкі, пераклад першых пяці кніг Новага Запавету Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, пераклад чатырох Евангелляў, зроблены секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. На жаль, нельга сказаць, што сітуацыя з перакла- дам Бібліі на беларускую мову цалкам здавальняючая. Можна было б пералічаць розныя праблемы, але нам здаецца, што дастаткова назваць галоўную: большасць тэкстаў у вышэйназваных выданнях перакладзена не з арыгінальных моў Свяшчэннага Пісання (выключэнні ёсць: у прыватнасці – Новы Запавет у перакладзе А. Клышкі). На фоне гэтай праблемы ўсе астатнія (якіх таксама хапае) – дробязь.

У Расіі апошнім часам выйшлі два сур’ёзныя сучасныя пераклады, вопыт якіх можа стаць карысным і для нас. Гаворка ідзе пра пераклад Расійскага Біблейскага таварыства (РБТ) і пераклад Інстытута перакладу Бібліі пры Заокскай духоўнай акадэміі («Заокскі пераклад»). Абодва праекты ажыццяўляліся буйнымі і моцнымі навуковымі калектывамі ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі сучаснай методыкі біблейскага перакладу. Цікава, што ўжо выйшла другое выданне перакладу РБТ, у якое была ўнесена вялізная колькасць правак у параўнанні з першым выданнем. Хутчэй за ўсе, гэта чакае і другі названы пераклад, што з’яўляецца цалкам нармальным працэсам: стваральнікі перакладу збіраюць заўвагі чытачоў, аналізуюць іх і робяць удакладненні. 

Прадстаўнікі другога з названых калектываў звярнуліся да нас з просьбай напісаць водзыў на «Заокскі пераклад», што і было намі зроблена; таксама лічым патрэбным падзяліцца пэўнымі назіраннямі і заўвагамі наконт асобных урыўкаў. Магчыма, яны дапамогуць у далейшым удасканаленні тэксту.

Пры семантыка-стылістычным аналізе перакладу на першы план могуць выходзіць праблемы як формы, так і сэнсу.

Так, у перакладзе Міх 3:3 сустракаем спрэчнае ўжыванне фразеалагізма есть поедом. Яго значэнне – ‘непрестанно бранить, мучить попреками’ або (калі гаворка ідзе пра насякомых) ‘кусать непрерывно, с ожесточением’. Зрэдку, калі гаворка ідзе пра абстрактны суб’ект, фразеалагізм можа азначаць ‘непрестанно мучить, терзать, доставлять беспокойство’ (тоска поедом ест). Кантэкст Міх 3:3 наўрад ці дапускае ўжыць названы фразеалагізм (нельга не заўважыць таксама, што фразеалагізм да таго ж прастамоўны). Для параўнання прыводзім больш удалы пераклад РБТ: «Пожираете плоть моего народа: кожу с него содрали, кости его раздробили, нарубили его, будто мясо в котел, нарезали, будто в жаровню» [3, с. 1000]. Пераклад Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь: «Яны ядуць цела народа Майго…» [4, с. 708]. Загадкавы пераклад В. Сёмухі: «…ясьце плод народу Майго…» [5, с. 1142]. Магчыма, гэта тэхнічная памылка.

У Мф 17:2 знаходзім даволі сумніўнае выкарыстанне метафарычнай мовы ў «Заокскім перакладзе»: «…от лица Его исходило сияние, словно от солнца, а одежды Его белизной лучились, как свет» [1, с. 1449–1450]. Праблема, па-першае, у тым, што ў арыгінале няма нічога падобнага да метафары одежды лучились белизной. Ствараць метафару там, дзе яе не было, – абсалютна непатрэбны занятак. Па-другое, тут метафара нанізваецца на параўнанне – как свет. Гэта вельмі ўскладненая тропіка для стылістыкі евангельскага тэксту. Акрамя таго, тэкст абцяжарваецца інверсіяй – белизной лучились. Нарэшце, лучиться азначае ‘испускать лучи’. Гэты дзеяслоў можна ўжыць, калі гаворка ідзе пра крыніцу святла, а не само святло. Як нам здаецца – зашмат праблем у адным сказе.

У Мф 15:12 мы сутыкаемся з вядомай складанасцю: як перакладаць σκανδαλίζειν. У Сінадальным перакладзе – цяжкае для сучаснага чытача «фарисеи… соблазнились» [2, с. 18]. У «Заокскім перакладзе» – «слова Твои покоробили фарисеев» [1, с. 1447]; у перакладзе РБТ – «Твои слова вызвали негодование у фарисеев» [3, с. 1059]. Апошні пераклад яўна самы ўдалы. Выклікае сумненне пераклад Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь: «…фарысеі… пачалі блюзніць» [4, с. 873]. Калькаваны (хутчэй за ўсё) з Сінадальнага пераклад В. Сёмухі: «… фарысэі… запаняверыліся» [5, с. 1197]. Цудоўны і просты пераклад А. Клышкі: «…фарысеі… абурыліся» [6, с. 42]. Тое ж самае – у перакладзе Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў. І зноў калька ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы – спакусіліся.

Сёння існаванне шматлікіх перакладаў – вельмі станоўчая з’ява. Але наяўнай колькасці, як бачым, нават мала, бо колькасць не азначае аўтаматычна якасць. Як нам здаецца, якасць біблейскага перакладу вызначаецца трыма асноўнымі фактарамі: 1) адпаведнасць мовы і стылю сучасным нормам і іх адэкватнасць семантыцы і стылістыцы арыгінала; 2) адпаведнасць канчатковага тэксту сучаснай методыцы перакладу; 3) адлюстраванне ў тэксце перакладу вынікаў сучаснай біблейскай тэксталогіі і экзэгетыкі. Апошнія два расійскія пераклады (у асноўным) адпавядаюць гэтым патрабаванням, хаця «Заокскі пераклад» патрабуе далейшага ўдасканалення (асабліва па першым параметры). З беларускімі перакладамі ўсё больш складана: у нас усё яшчэ няма поўнай Бібліі на сапраўднай сучаснай беларускай літаратурнай мове, перакладзенай з арыгінальных моў і з адэкватнай тэксталагічнай базай.

Літаратура

1. Библия в современном русском переводе / Институт перевода Библии при Заокской духовной академии. – Заокский: Источник жизни, 2015. – 1856 с.

2. Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета: канонические. – М.: Российское Библейское общество, 2013. – 1233 с.

3. Библия: современный русский перевод. – 2-е изд., перераб. и доп.. – М.: Российское Библейское общество, 2015. – 1408 с.

4. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. – Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. – 1120 с.

5. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. – Duncanville: World Wide Printing, 2002. – 1534 с.

6. Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста / пер. А. Клышкі. – М.: Пазітыў-цэнтр, 2014. – 607 с. 



Аляксандр Дуброўскі. Пазіцыя постканфесійнага хрысціяніна

Паколькі актуалізавалася тэма пераходу з адной канфесіі ў другую, выкажу сваё бачанне. Яно не будзе супадаць з афіцыйнымі пазіцыямі тых канфесій, для якіх сёння само гэтае пытанне стала актуальным, таму калі камусьці патрэбна іх афіцыйнае бачанне – можаце далей не чытаць.

Дарэчы, пра афіцыйнасць. Адна атэістка казала: «Калі я і пайду ў царкву, то ў афіцыйную». Навошта прыходзіць у царкву людзям, далёкім ад Хрыста, – пытанне цікавае… Для савецкага чалавека (я кажу пра сённяшняга савецкага чалавека, які нікуды не падзеўся) царква сапраўды можа быць аналагам палітычнай партыі ці канторай па аказанні рэлігійных паслуг. Праўда, мне здаецца, што царква не абавязана абслугоўваць запатрабаванні нашых палітычных прыхільнасцей, нават калі яны самыя расцудоўныя. Што ж да канторы па аказанні паслуг, то тут праблема заключаецца ў неадрозненні Царквы (з вялікай літары) ад рэлігійнай арганізацыі (якая сапраўды гэтыя паслугі робіць). Адносіны паміж Царквой і рэлігійнай арганізацыяй могуць быць наступныя: рэлігійная арганізацыя як база для Царквы; рэлігійная арганізацыя як структура, ад Царквы аўтаномная (у гэтым разе яна выкарыстоўвае імя Царквы, не будучы ёй тоеснай); рэлігійная арганізацыя як вораг Царквы. Пры гэтым Царква як мінімум тэарэтычна можа існаваць без рэлігійнай арганізацыі.

Са сказанага яўна вынікае тое, што сапраўднымі каштоўнасцямі будуць прыналежнасць Хрысту і сам факт таго, што Царква (як Царква, а не як рэлігійная арганізацыя, што называецца яе імем) ёсць. Проста ЁСЦЬ. Адпаведна хрысціянін будзе менш заклапочаны пытаннямі канфесійнай прыналежнасці, а больш – пытаннямі пра тое, ці належыць ён Хрысту і Царкве (з вялікай літары).

Сустрэча з Хрыстом сапраўды (як гэта ні дзіўна) можа пабудзіць чалавека да ВЫХАДУ з пэўнай рэлігійнай арганізацыі (у тым ліку канфесіі) – калі аказваецца, што прыналежнасць да яе адчуваецца як непрымальная з маральных прычын. А вось ці абавязкова гэта павінна цягнуць за сабой пошукі нейкай «лепшай» канфесіі – пытанне для мяне рытарычнае.

Мой заклік просты: 1) шукаць Хрыста; 2) ствараць Царкву сваім жыццём – у нейкай сувязі з рэлігійнай арганізацыяй або без яе. 

З гэтым звязана неабходнасць пераасэнсавання як Царквы, так і канфесійнасці. Царкву ёсць сэнс разумець не як арганізацыю, а як суполку людзей, якія маюць рэальныя (а не намінальныя) стасункі паміж сабой і з Хрыстом. А канфесіі трэба ўспрымаць тым, чым яны ёсць, – багатымі музеямі тых ці іншых эпох з гісторыі хрысціянства. Мая пазіцыя – пазіцыя постканфесійнага хрысціяніна, што азначае разуменне абмежаванасці любой канфесіі і бессэнсоўнасці пошукаў «правільнай» канфесіі. Тым больш я не магу вітаць, калі людзі выбіраюць чамусьці паміж дзвюма канфесіямі, не маючы ніякага сур’ёзнага ўяўлення пра дагматыку абедзвюх. І не магу вітаць, калі выбіраюць паміж дзвюма, хаця іх больш за 30 тысяч. Гэта вельмі падобна да пазіцыі той атэісткі.

Гэта добра, што гістарычная сітуацыя прымушае хрысціян задумвацца над сваёй царкоўнасцю, але было б сумна бачыць, што мы зноў прыходзім да рашэнняў прымітыўных і павярхоўных. Змена канфесіі – рашэнне, якое мае права на існаванне, але для сур’ёзнага верніка яўна недастатковае для вырашэння фундаментальных пытанняў уласнай царкоўнасці і ўвогуле веры.

18.09.2020

неділя, 20 вересня 2020 р.

Аляксандр Дуброўскі. Факталагічная верагоднасць тэксту і жанр

Аляксандр Дуброўскі. Факталагічная верагоднасць тэксту і жанр // Слова ў кантэксце часу : матэрыялы IV Міжнар. навук.-практ. канф., прысвеч. 90-годдзю з дня нараджэння д-ра філал. навук праф. А. І. Наркевіча, Мінск, 14–15 сак. 2019 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: В.М. Самусевіч (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2019. – С. 160–163.

На прыкладзе даследавання Дзідахэ расійскім вучоным І. Паўлавым (Павлов, И. Как жили и во что верили первые христиане: Учение двенадцати апостолов. – М.: Эксмо, 2017. – 736 с.) дэманструецца небяспека ігнаравання жанравай прыроды тэксту і магчымасць памылковых высноў адносна яго факталагічнай верагоднасці.

Паняцце факталагічнай верагоднасці тэксту надзвычай важнае для тэорыі рэдагавання і медыялінгвістыкі і выводзіць на праблемы інфармацыйнай бяспекі грамадства. Разглядацца яно можа з розных ракурсаў, але відавочна, што пры такім разглядзе нельга абстрагавацца ад сталых літаратуразнаўчых катэгорый, адна з якіх, прычым цэнтральная, – жанр.

Як піша С. Лебедзеў, «адным з найбольш актуальных пытанняў тыпалогіі жанру было і застаецца пытанне пра ўзаемазалежнасць яго і іншых… структурных узроўняў тэксту» [3, с. 38]. Факталагічная верагоднасць мае з катэгорыяй жанру непасрэдную сувязь. Дастаткова супаставіць, напрыклад, такія жанры, як рэпартаж і фельетон, каб пераканацца ў яе відавочнасці. Але самае дзіўнае тое, што ў практыцы сустракаюцца спробы ігнараваць жанравыя адрозненні пры аналізе факталагічнай верагоднасці. Разгледзім адпаведны прыклад.

У 2017 годзе выйшла даследаванне Інакенція Паўлава, прысвечанае старажытнаму хрысціянскаму помніку Дзідахэ [гл. 4]. Зварот да прыкладу даследавання старажытнай публіцыстыкі можа дапамагчы і ў вывучэнні сучаснага публіцыстычнага дыскурсу: традыцыяналісцкі тып мастацкай свядомасці, які панаваў у тую эпоху, надаваў катэгорыі жанру падкрэслена нарматыўны характар, таму метадалагічныя памылкі, пра якія пойдзе гаворка, робяцца асабліва відавочнымі.

І. Паўлаў прапануе надзвычай ранняе датаванне помніка (36–43 гады першага стагоддзя), што робіць яго самым раннім хрысціянскім тэкстам (старэйшым за ўсе кананічныя тэксты Новага Запавету) і поўнасцю супярэчыць прынятаму ў навуцы датаванню. Аргументацыя не здаецца нам пераканаўчай, хаця гаворка цяпер не пра яе, тым больш што на ўсведамленне заяўленай праблемы гэта не ўплывае. Аднак дазволім сабе заўважыць, што ў тэксце прысутнічае якраз факталагічны матэрыял, які проста крычыць пра немагчымасць такога датавання: напрыклад, цікавасць да тэмы посту, у той час як тэксталогія Новага Запавету (які, з пункту гледжання даследчыка, маладзейшы за Дзідахэ) даказала, што абсалютная большасць згадак посту ў ім – пазнейшыя ўстаўкі. Тое ж можна сказаць і пра дробязную рэгламентацыю накшталт таго, колькі разоў на дзень маліцца малітвай «Ойча наш». Нічога падобнага ў кананічных тэкстах Новага Запавету мы, зразумела, не сустрэнем. Бо дробязная рэгламентацыя прыходзіць значна пазней, а не на самым пачатку такога яркага духоўнага руху, якім было хрысціянства ў першым стагоддзі.

Але нас цікавіць іншае: І. Паўлаў на падставе тэксту Дзідахэ і яго ранняга датавання абвяргае верагоднасць факталагічнага матэрыялу кананічных евангелляў. Логіка наступная: у Дзідахэ не згадваюцца прытчы Ісуса і яго рэпутацыя як цудатворцы і лекара, а гэта азначае, што евангеллі даюць нам несапраўдную інфармацыю.

Тое, што прытчы – асноўная жанравая форма маўлення гістарычнага Ісуса, ніколі не ставілася пад сумненне. «Сёння агульнапрызнана, што яны належаць да першаснага слоя падання», – піша І. Ераміяс [2, с. 47]. І. Паўлаў спрабуе гэта абвергнуць на той падставе, што прытчы не пераказваюцца ў Дзідахэ. Але як яны маглі б там пераказвацца? Дзідахэ – не наратыўны тэкст, а катэхізічны. Мы не знойдзем такіх пераказаў і ў сучасных катэхізісах, але ў тую эпоху гэта тым больш было б немагчыма, бо поўнасцю супярэчыла б законам мастацкай свядомасці, якая панавала. Як піша С. Лебедзеў, «жорсткасць канонаў дыктавала аўтару ўсё» [3, с. 38]. «Уціснуць» у Дзідахэ прытчы ці аповеды пра цуды і ацаленні – значыць разбурыць жанравы канон. І. Паўлаў, такім чынам, ігнаруе не толькі тэарэтычную паэтыку, але і гістарычную.

Цікава, што даследчык у якасці паралелі прыводзіць тэксты апостала Паўла, у якіх таксама не згадваюцца прытчы Ісуса і не пераказваюцца гісторыі ацаленняў. Але дагэтуль гэта ніколі не прыводзіла навукоўцаў да высноў пра неверагоднасць евангельскіх аповедаў, бо ніколі дагэтуль так не ігнараваліся жанравыя адрозненні. Усе разумелі, што пры супастаўленні тэкстаў несупастаўляльных жанраў такіх высноў наконт факталагічнай верагоднасці рабіць нельга. Тэксты апостала Паўла – гэта лісты (прычым напісаныя таксама па строгіх антычных рытарычных канонах); уставіць у ліст такі мікражанр, як прытча, структурна немагчыма, асабліва ў кантэксце эпохі традыцыяналісцкай мастацкай свядомасці. Прычым для апостала Паўла прынцыповым быў пераклад хрысціянскай весткі з вобразнай мовы Ісуса на паняццевую мову грэка-рымскага свету, што патрабавала менавіта адсутнасці, а ніяк не наяўнасці ўсёй Ісусавай вобразнасці.

А вось гаворка пра тое, што ў Паўла няма нічога пра цуды і ацаленні, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Не варта думаць, што абавязкова трэба шукаць фразы тыпу «Ісус рабіў цуды, у тым ліку ацаляў людзей». У Паўла дастаткова іншых спасылак на гэта, у тым ліку ён сцвярджае наяўнасць так званых дароў ацалення і цудатворства. У ненаратыўных тэкстах інфармацыя цудоўна можа падавацца не праз пераказ падзей, а праз паняцці, якія лагічна звязаны з гэтымі падзеямі. Ісус быў (у памяці падання) цудатворцам і лекарам – адсюль у царкве дары ацалення і цудатворства, яны ўзыходзяць да яго дзейнасці, і было б дзіўна, каб апостал (у лістах) займаўся механічным пераказам падання, усім у ранняй царкве вядомага.

Усё тое ж самае трэба сказаць і пра Дзідахэ. Ні яго мэта, ні структура проста не дапускаюць падобных пераказаў. Іншымі словамі, гэтага не дапускае сам жанр.

Але паколькі Інакенцій Паўлаў вырашыў абвяргаць факталагічную верагоднасць евангельскага аповеду, ёсць сэнс разгледзець кагерэнтнасць той альтэрнатыўнай карціны, якая паўстае з яго высноў. Сам ён прызнае, што Ісус меў вялікую колькасць паслядоўнікаў, прычым яшчэ пры жыцці. Але з канцэпцыі І. Паўлава вынікае такі вобраз Ісуса, што немагчыма ўявіць, што ў ім магло прыцягваць увагу натоўпу. Калі аўтэнтычны змест весткі Хрыста заключаецца не ў кананічных евангеллях, а ў Дзідахэ, то і гэты змест, і сам вобраз Ісуса аказваюцца, у першую чаргу, проста шэрымі і нецікавымі. Гаворка тады ідзе пра нейкага дзіўнага лідара, які ў абсалютна трывіяльнай форме прапаведаваў абсалютна трывіяльныя рэчы ў выглядзе нудных абстракцый (калі мы прызнаем, што не было яркіх, запамінальных прытчаў, вядомых з евангелляў); калі дадаць, што не было і яркіх цудаў з ацаленнямі і, безумоўна, ніякай яркай палітычнай праграмы, то натоўпы паслядоўнікаў немагчыма нічым растлумачыць. А адмаўляць тое, што гэтыя натоўпы былі, не можа і сам І. Паўлаў, бо тады разбураецца ўся верагоднасць наступнай гісторыі хрысціянскага руху ў першым стагоддзі.

Калі адмаўляецца ў дачыненні да прытчаў аўтарства Ісуса, таксама трэба прапанаваць альтэрнатыўную гіпотэзу аўтарства. А менавіта: евангельскія прытчы павінны ператварацца ў фальклорныя творы (з калектыўным аўтарствам), што амаль неверагодна, бо супярэчыць ужо іх жанравай прыродзе. Гіпотэза ж самога І. Паўлава аб тым, што прытчы сканструяваны евангелістамі, не вытрымлівае крытыкі, бо прызнана, што евангеллі ўзыходзяць да вуснай традыцыі [гл. 1], і падобныя канструкцыі проста былі б адхілены царквой – захавальніцай гэтай традыцыі – з прычыны неадпаведнасці ёй. Сканструяванымі маглі быць доўгія прамовы ў чацвёртым евангеллі, са складанымі абстракцыямі і з такой жа ўскладненай вобразнасцю, і гэта магло ўспрымацца як цалкам дапушчальны багаслоўскі дыскурс (у духу згаданага сітуацыйна-кантэкстуальнага «перакладу») і не выклікаць пярэчанняў захавальнікаў традыцыі. Але адваротны працэс немагчымы: не могуць абстрактныя і амаль трывіяльныя павучанні (як у Дзідахэ) ператварацца ў яркія, лаканічныя і вельмі глыбокія прытчы (як у сінаптычных евангеллях).

Адстутнасць у Дзідахэ канкрэтнай факталогіі, якая прысутнічае ў евангеллях, тлумачыцца ніяк не неверагоднасцю гэтай факталогіі, а яе абсалютнай структурнай недарэчнасцю і немагчымасцю ў рамках таго жанру, які абралі аўтары гэтага помніка. А яны абралі абстрактны маралізатарскі дыскурс, у выніку і сам тэкст аказаўся проста забыты хрысціянскай традыцыяй – настолькі малазмястоўным і невыразным ён атрымаўся.

Мы бачым, што супастаўленне жанрава несупастаўляльных тэкстаў з мэтай высвятлення факталагічнай верагоднасці матэрыялу з’яўляецца немэтазгодным і вядзе да лагічных супярэчнасцей, але такое адбываецца менавіта пры ігнараванні жанравых адрозненняў. Гаворка вялася пра адзін з прыкладаў з эпохі традыцыяналісцкай мастацкай свядомасці. Падобныя назіранні могуць быць праведзены і на матэрыяле тэкстаў іншых эпох, пазнейшых. Адпаведна дадзеная праблематыка з’яўляецца перспектыўнай, у тым ліку ў міждысцыплінарных даследаваннях (гісторыя літаратуры, тэорыя літаратуры, тэксталогія, тэорыя тэксту, тэорыя рэдагавання і г. д.).

Літаратура

1. Данн, Дж. Д. Новый взгляд на Иисуса: что упустил поиск исторического Иисуса / Дж. Д. Данн; пер. А. Конева. – М.: Библейско-богословский институт св. апостола Андрея, 2009. – 207 с.

2. Иеремиас, И. Богословие Нового Завета. Часть первая. Провозвестие Иисуса / И. Иеремиас; пер. А. Л. Чернявского. – М.: Изд. фирма «Восточная литература» РАН, 1999. – 367 с.

3. Лебедев, С. Ю. Повествование и жанр в художественной прозе / С. Ю. Лебедев // Русский язык и литература в Азербайджане. – 2017. – Специальный выпуск 2017. – С. 38–45.

4. Павлов, И. Как жили и во что верили первые христиане: Учение двенадцати апостолов. – М.: Эксмо, 2017. – 736 с.