Дуброўскі Аляксандр. Сучасныя пераклады Бібліі: семантыка-стылістычны аналіз// Журналістыка-2015: стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 17-й Міжнар. навук.-практ. канф., 12–13 ліст. 2015 г ., Мінск / рэдкал. : С.В. Дубовік (адк. рэд.) [і інш.]. – Вып. 17. – Мінск : БДУ , 2015. – С. 268-270.
Аляксандр Дуброўскі.
Сучасныя пераклады Бібліі: семантыка-стылістычны аналіз
Зусім хутка – у 2017 годзе – будзе адзначацца двайны юбілей – 500-годдзе скарынаўскай Бібліі і 500-годдзе Рэфармацыі. У гэтым супадзенні ёсць свой сэнс: Рэфармацыя і абвясціла, і рэалізавала зварот да Бібліі, прычым выражалася гэта і ў актывізацыі дзейнасці па перакладзе Свяшчэннага Пісання на нацыянальныя мовы хрысціянскіх народаў. Напярэдадні гэтага юбілею асабліва цікава паглядзець на тое, што робіцца ў галіне біблейскага перакладу сёння.
Зараз ёсць ужо шэраг перакладаў Бібліі і асобных яе частак на сучасную беларускую мову. Найбольш значныя дасягненні – пераклад Бібліі В. Сёмухі, пераклад Бібліі Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (на падставе рукапісаў У. Чарняўскага), пераклад Новага Запавету А. Клышкі, пераклад першых пяці кніг Новага Запавету Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, пераклад чатырох Евангелляў, зроблены секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. На жаль, нельга сказаць, што сітуацыя з перакла- дам Бібліі на беларускую мову цалкам здавальняючая. Можна было б пералічаць розныя праблемы, але нам здаецца, што дастаткова назваць галоўную: большасць тэкстаў у вышэйназваных выданнях перакладзена не з арыгінальных моў Свяшчэннага Пісання (выключэнні ёсць: у прыватнасці – Новы Запавет у перакладзе А. Клышкі). На фоне гэтай праблемы ўсе астатнія (якіх таксама хапае) – дробязь.
У Расіі апошнім часам выйшлі два сур’ёзныя сучасныя пераклады, вопыт якіх можа стаць карысным і для нас. Гаворка ідзе пра пераклад Расійскага Біблейскага таварыства (РБТ) і пераклад Інстытута перакладу Бібліі пры Заокскай духоўнай акадэміі («Заокскі пераклад»). Абодва праекты ажыццяўляліся буйнымі і моцнымі навуковымі калектывамі ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі сучаснай методыкі біблейскага перакладу. Цікава, што ўжо выйшла другое выданне перакладу РБТ, у якое была ўнесена вялізная колькасць правак у параўнанні з першым выданнем. Хутчэй за ўсе, гэта чакае і другі названы пераклад, што з’яўляецца цалкам нармальным працэсам: стваральнікі перакладу збіраюць заўвагі чытачоў, аналізуюць іх і робяць удакладненні.
Прадстаўнікі другога з названых калектываў звярнуліся да нас з просьбай напісаць водзыў на «Заокскі пераклад», што і было намі зроблена; таксама лічым патрэбным падзяліцца пэўнымі назіраннямі і заўвагамі наконт асобных урыўкаў. Магчыма, яны дапамогуць у далейшым удасканаленні тэксту.
Пры семантыка-стылістычным аналізе перакладу на першы план могуць выходзіць праблемы як формы, так і сэнсу.
Так, у перакладзе Міх 3:3 сустракаем спрэчнае ўжыванне фразеалагізма есть поедом. Яго значэнне – ‘непрестанно бранить, мучить попреками’ або (калі гаворка ідзе пра насякомых) ‘кусать непрерывно, с ожесточением’. Зрэдку, калі гаворка ідзе пра абстрактны суб’ект, фразеалагізм можа азначаць ‘непрестанно мучить, терзать, доставлять беспокойство’ (тоска поедом ест). Кантэкст Міх 3:3 наўрад ці дапускае ўжыць названы фразеалагізм (нельга не заўважыць таксама, што фразеалагізм да таго ж прастамоўны). Для параўнання прыводзім больш удалы пераклад РБТ: «Пожираете плоть моего народа: кожу с него содрали, кости его раздробили, нарубили его, будто мясо в котел, нарезали, будто в жаровню» [3, с. 1000]. Пераклад Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь: «Яны ядуць цела народа Майго…» [4, с. 708]. Загадкавы пераклад В. Сёмухі: «…ясьце плод народу Майго…» [5, с. 1142]. Магчыма, гэта тэхнічная памылка.
У Мф 17:2 знаходзім даволі сумніўнае выкарыстанне метафарычнай мовы ў «Заокскім перакладзе»: «…от лица Его исходило сияние, словно от солнца, а одежды Его белизной лучились, как свет» [1, с. 1449–1450]. Праблема, па-першае, у тым, што ў арыгінале няма нічога падобнага да метафары одежды лучились белизной. Ствараць метафару там, дзе яе не было, – абсалютна непатрэбны занятак. Па-другое, тут метафара нанізваецца на параўнанне – как свет. Гэта вельмі ўскладненая тропіка для стылістыкі евангельскага тэксту. Акрамя таго, тэкст абцяжарваецца інверсіяй – белизной лучились. Нарэшце, лучиться азначае ‘испускать лучи’. Гэты дзеяслоў можна ўжыць, калі гаворка ідзе пра крыніцу святла, а не само святло. Як нам здаецца – зашмат праблем у адным сказе.
У Мф 15:12 мы сутыкаемся з вядомай складанасцю: як перакладаць σκανδαλίζειν. У Сінадальным перакладзе – цяжкае для сучаснага чытача «фарисеи… соблазнились» [2, с. 18]. У «Заокскім перакладзе» – «слова Твои покоробили фарисеев» [1, с. 1447]; у перакладзе РБТ – «Твои слова вызвали негодование у фарисеев» [3, с. 1059]. Апошні пераклад яўна самы ўдалы. Выклікае сумненне пераклад Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь: «…фарысеі… пачалі блюзніць» [4, с. 873]. Калькаваны (хутчэй за ўсё) з Сінадальнага пераклад В. Сёмухі: «… фарысэі… запаняверыліся» [5, с. 1197]. Цудоўны і просты пераклад А. Клышкі: «…фарысеі… абурыліся» [6, с. 42]. Тое ж самае – у перакладзе Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў. І зноў калька ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы – спакусіліся.
Сёння існаванне шматлікіх перакладаў – вельмі станоўчая з’ява. Але наяўнай колькасці, як бачым, нават мала, бо колькасць не азначае аўтаматычна якасць. Як нам здаецца, якасць біблейскага перакладу вызначаецца трыма асноўнымі фактарамі: 1) адпаведнасць мовы і стылю сучасным нормам і іх адэкватнасць семантыцы і стылістыцы арыгінала; 2) адпаведнасць канчатковага тэксту сучаснай методыцы перакладу; 3) адлюстраванне ў тэксце перакладу вынікаў сучаснай біблейскай тэксталогіі і экзэгетыкі. Апошнія два расійскія пераклады (у асноўным) адпавядаюць гэтым патрабаванням, хаця «Заокскі пераклад» патрабуе далейшага ўдасканалення (асабліва па першым параметры). З беларускімі перакладамі ўсё больш складана: у нас усё яшчэ няма поўнай Бібліі на сапраўднай сучаснай беларускай літаратурнай мове, перакладзенай з арыгінальных моў і з адэкватнай тэксталагічнай базай.
Літаратура
1. Библия в современном русском переводе / Институт перевода Библии при Заокской духовной академии. – Заокский: Источник жизни, 2015. – 1856 с.
2. Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета: канонические. – М.: Российское Библейское общество, 2013. – 1233 с.
3. Библия: современный русский перевод. – 2-е изд., перераб. и доп.. – М.: Российское Библейское общество, 2015. – 1408 с.
4. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. – Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. – 1120 с.
5. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. – Duncanville: World Wide Printing, 2002. – 1534 с.
6. Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста / пер. А. Клышкі. – М.: Пазітыў-цэнтр, 2014. – 607 с.