Ісаі 5:1-7
“1 Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары. 2 І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады. 3 І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім. 4 Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады? 5 Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць. 6 І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом. 7 Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды – любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось – праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось – лямант.”
© Библия Онлайн, 2003-2020.
Я думаю, што для многіх хрысціян тэма “Бог і народ” здаецца “старазапаветнай”. Логіка такая: гэта ў Старым Запавеце быў абраны Богам народ, Ізраіль, а сёння, маўляў, сама катэгорыя народа – багаслоўскі архаізм. Пэўная традыцыя ўнутры хрысціянста прывучыла нас да думкі, што сёння Бог мае стасункі выключна з асобай. Праўда, ёсць і іншая – даволі моцная – традыцыя, паводле якой Бог мае справу з Царквой, якую і трэба ўспрымаць як “народ Божы”. І толькі на ўзбочыне магістральнага хрысціянства, як нешта маргінальнае, усё ж прысутнічаюць нейкія спробы разважаць пра нейкую магчымасць узаемаадносін Бога і народа-нацыі.
А вось нечакана мне падумалася, што ёсць прычыны перастаць успрымаць гэтую тэму як маргінальную. Адна прычына заключаецца ў тым, што было б дзіўна выкідаць у сметніцу такую важную (калі не цэнтральную) для старазапаветнай часткі Бібліі тэму. А спробы давесці, што Новы Запавет быццам бы гэтую тэму закрэсліў, наўрад ці будуць паспяховымі. Новы Запавет гэтую тэму толькі паглыбіў. Сапраўды, у народ Божы, па-першае, уваходзяць сёння прадстаўнікі розных нацый, а па-другое, межы паміж імі сціраюцца (“няма ні іўдзея, ні эліна”). Гэта ўсё праўда. Праўда таксама і тое, што ўзнікае паняцце Царквы. Але тут адразу трэба сказаць, што нельга ў сувязі з паняццем Царквы звужаць тэму ўзаемаадносін Бога і яго народа да карыкатуры “Бог і рэлігійная арганізацыя” (прычым тут кожная канфесія пачынае выключна сябе разумець пад “Божым народам”). Царква – паняцце дынамічнае. Паколькі ўсё чалавецтва – Божае стварэнне, яно павінна разумецца “Царквой у патэнцыяле”. Дый прыналежнасць да нейкай рэлігійнай арганізацыі не гарантыя таго, што дадзены канкрэтны чалавек – больш “паўнамоцны” прадстаўнік народа Бажага, чым той, хто да гэтай арганізацыі не належыць. І тут Біблія дае шмат пацверджанняў – і вуснамі аўтараў Старога Запавету, і вуснамі Хрыста… Акрамя таго, нават у Старым Запавеце іншыя народы таксама малююцца аб’ектамі Божай цікавасці і клопату.
Гэтая доўгая прадмова спатрэбілася мне, каб сказаць пра тое, што тэма “беларускі народ і задума Божая” мае поўнае права на тое, каб над ёю разважаць. Няма нічога наіўнага ў гэтай фармулёўцы. Як няма нічога наіўнага ці дзіўнага ў тэмах “паўночнакарэйскі народ і Бог”, “іранскі народ і Бог” і г.д. Сёння я не магу згадзіцца з уяўленнямі пра тое, што Богу цікавыя толькі “асоба” і “Царква” (у значэнні “рэлігійная арганізацыя”). Катэгорыя народа як была адной з фундаментальных у пісаннях Старога Запавету, так і павінна заставацца такой у сучасным хрысціянскім багаслоўі. Чалавек як асоба – сапраўды найвышэйшае стварэнне Божае, але чалавек як асоба магчымы толькі як прадстаўнік чалавецтва, а гэта значыць – народа. Супрацьпастаўленне асобы і народа магчымае, толькі калі пад народам разумець натоўп. Але калі пад народам разумець народ Божы, то такі народ менавіта і складаецца з асоб. Таму і для кожнай нацыі будуць лёсавызначальнымі ўсе тыя моманты гісторыі, калі ў народзе катэгорыя асобы “абвастраецца”; тыя моманты, калі народ пачынае ўсведамляць сябе; тыя моманты, калі менавіта існаванне ў якасці безаблічнай масы робіцца немагчымым і непрымальным і адбываецца “выбух самасвядомасці”.
Ёсць напружанне паміж асобай і натоўпам, статкам, але няма напружанасці паміж асобай і народам, калі гэты народ складаецца з асоб. Асоба выкрышталізоўваецца з індывідуума праз максімальнае развіццё сумлення, самастойнасці, адказнасці. Асоба вырываецца з натоўпу, каб вярнуцца ў Народ. Нядаўна я гаварыў пра Царкву з вялікай літары і царкву з малой літары. Адпаведна, можна гаварыць і пра Народ (з вялікай, а не толькі з малой літары). Такі Народ нараджаецца не проста ў пакутах і выпрабаваннях, хаця гэта праўда, але і ў “выбуху асобаснасці”. Адна толькі магчымасць назіраць, як гэтыя ўспышкі святла адбываюцца там, дзе прывыклі бачыць шэрую безаблічную масу, – неверагодная радасць.
Катэгорыя народа застаецца фундаментальнай у хрысціянскай свядомасці, бо Пісанне па сутнасці – гісторыя народа Божага. Звесці гэту гісторыю да “мікрагісторый” рэлігійных суполак – банальнасць. Значна больш захапляе ідэя пра тое, што ў гісторыі чалавецтва можна назіраць гэтыя неверагодныя падзеі ператварэнне не-народа ў народ, як і напісана ў Першым пасланні Пятра: “…колісь не народ, а сёньня народ Божы…” (1 Пятра 2:10).